Заступніцтва Божай Маці
8 верасня ў храме Успення Прасвятой Багародзіцы (аг. Снітава) адзначылі свята ў гонар Уладзімірскай іконы Божай Маці. Урачыстасць з гэтай нагоды з удзелам святароў Іванаўскага раёна ўзначаліў Высокапрэасвяшчэннейшы Стэфан, архіепіскап Пінскі і Лунінецкі, які вёў Божую Літургію.
Дзесяць год таму, 8 верасня 2007 года, у гісторыі аграгарадка Снітава, што знаходзіцца непадалёк ад Іванава, адбылася вялікая для вернікаў падзея – быў асвечаны і адчынены храм Успення Прасвятой Багародзіцы. За ўвесь час існавання Снітава гэта быў ужо трэці будынак царквы. Другі будынак у 1960-м быў зачынены. «Бязбожнымі» ідэямі ў 1960-80-ыя гг. запаўняліся галовы маладога пакалення таго часу. Мая бабуля сярод розных жыццёвых падзей запомніла выпадак, калі малодшая дачка Таня, што вучылася ў педвучылішчы ў Ваўкавыску, прыехала ў вёску на канікулы. Пятнаццацігадовая Таццяна апавядаючы пра новае і цікавае са студэнцкага жыцця, расказвала, што выкладчыкі ўпэўнівалі навучэнцаў у адсутнасці Бога. На гэтую навіну неадукаваная баба Антося, якая няўпэўнена выводзіла крыжыкі замест подпісу, адрэагавала прынцыпова: «Ны говоры ерунды». Аднак, атэізм у СССР раскашаваў, і ў 1983-м годзе храм у Снітава быў разбураны. Амаль паўстагоддзя людзі жылі без сумеснай малітвы, не чулі царкоўнага звону. Тым не менш, вера заставалася ў сэрцах многіх. Сапраўдная. Жывая. Моцная. Можа, таму тое пакаленне людзей больш загартаванае, больш трывушчае, больш здаровае?
15 лютага 2004 года на сходзе жыхароў в. Снітава было прынята рашэнне аб пабудове храма на месцы разбуранага. Ахвяраванні і дапамога многіх людзей – жыхароў, тагачаснага дэпутата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Уладзіміра Здановіча, кіраўніцтва ААТ «Снітава-Агра» з яго кіраўніком Анатолем Аляксеевічам Гліннікам, ветэранаў працы, брыгадзіра будаўнічай брыгады в. Снітава Аляксандра Максімавіча Антанюка і многіх іншых паспрыялі таму, што праз два з паловай гады праваслаўная святыня была пабудавана. На свята Уладзімірскай іконы Божай Маці царква была асвечана Стэфанам, архіепіскапам Пінскім і Лунінецкім. Таму ўрачыстасць у гонар гэтага цудатворнага абраза штогод ладзіцца ў Снітаўскім храме.
Уладзімірская ікона – адна з мноства шануемых цудатворных ікон у Рускай Праваслаўнай царкве. У календары яе святкаванню прысвечаны тры дні: 3 чэрвеня, 6 ліпеня, 8 верасня. Згодна з царкоўнай версіяй яе арыгінал напісаў евангеліст Лука. Сёння мы маем справу з копіямі іконы Уладзімірскай Божай Маці, напісанай ім. Доўгі шлях адолела ікона (з Іерусаліма, Візантыі, Вышгарада (Украіна), перш чым трапіла ва Уладзімір, горад, які і даў назву гэтаму абразу. Святы Андрэй Багалюбскі перанёс туды яе ў 1155 годзе. У 1395 годзе пры Васілю І ікона была перанесена ў Маскву дзеля абароны горада ад войска татарскага хана Тамерлана. Нібыта ў сне, як апавядае акафіст да іконы, Тамерлан пабачыў «яко всемогущая Царица, множеством воинств Небесных обстоима, со святители Московскими явилася еси нечестивому агарянскому хану и от предел земли Русския отъити повелела еси». Тамерлан паслухмяна выканаў загад. У гонар гэтага заступніцтва Божай Маці было ўстаноўлена свята Уладзімірскай іконы. Цяпер яна захоўваецца ў храме св. Мікалая ў Талмачах пры Траццякоўскай галерэі.
Рабіць мінімальныя прагнозы на далейшае развіццё грамадства і свету сёння выглядае амаль бессперспектыўнай справай з-за таго, што час, у якім мы жывём, па словах афонскага старца Паісія Святагорца, вельмі складаны. Аднак сіла малітвы і сіла веры, як паказвае гісторыя існавання чалавецтва, здольныя зрабіць немагчымае. За імі, мне здаецца, добрая будучыня нашага народа і ўсяго свету!