СВЯТЛО ЗЯМНОЕ І НЯБЕСНАЕ
У залацістыя першавераснёўскія дні была ўзрушанасць душы, кранальная даверлівасць да свету і людзей. Было святло. Незвычайна многа святла. Святло трапяткіх свечак і лампадак, хвалюючых песнапенняў, добразычлівых усмешак, вачэй малітоўнікаў, святло промняў сонечных, спакойных разліваў нябеснай сінечы, шчырага дабрадзейнага слова – святло зямное і нябеснае, гаючае, лагоднае, цёплае. І была замілаванасць родным краем, блаславёным Усявышнім, бо гэта з ласкі Божай жыхары Іванаўшчыны мелі шчасце вітаць у сваім радзінным куточку ўдзельнікаў рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў» у рамках свята беларускага пісьменства.
ПОКЛІЧ ДУШЫ
Свой маршрут экспедыцыя на чале з Аляксандрам Лапата-Загорскім, навуковым супрацоўнікам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, распачала 29 жніўня ад Свята-Духава кафедральнага сабора беларускай сталіцы. Шлях яе пралёг праз гарады і мястэчкі краіны.
У наш самабытны Янаў пачэсная дэлегацыя, у складзе якой былі вядомыя дзеячы культуры, навукі, мастацтваў, педагогі, духавенства, увайшла Хрэсным ходам, дзе да яго далучыліся шматлікія вернікі. Людзі ішлі ўшанаваць святыні цэлымі сем’ямі – пажылыя, маладыя, зусім маленькія добра пачувалі сябе на руках татаў і матуль. З кожнай хвіляй даўжыня працэсіі павялічвалася.
Гледзячы на прасветленыя твары, думалася пра тое, што ў кожным чалавеку цепліцца іскрынка Божая. Мяркуючы па колькасці ўдзельнікаў святочнага Хрэснага ходу, дарогу да храма ведаюць многія жыхары роднага куточка і яна радасная, ясная, гэта дарога, бо, канечне ж, менавіта сакральны голас душы, а ні ў якім разе не чыйсьці грозны прымус, падштурхнуў іванаўцаў у гэты пагодлівы восеньскі надвячорак яднацца верай праваслаўнай.
Асвячаў шлях паломнікаў Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга, які даставілі на нашу зямлю ўдзельнікі экспедыцыі. Па ўсім маршруце нязгасную лампаду са Святым святлом нёс протаіерэй Аляксандр Пачопка, клірык Барысаўскай епархіі.
Недзе чула, што, калі ідзе Хрэсны ход, Гасподзь адкрывае нябёсы. Насамрэч, неба над Янавам распасціралася прыветна-яснае, не азмрочанае суровымі хмарынамі, надзвычай высокае і ўрачыстае. Але ў гэтыя моманты ўсеагульнай радасці здавалася, што стала яно нібы бліжэй да людзей, было асабліва цёплым і чуйным.
«Христос воскресе из мертвых, смертию смерть поправ и сущим во гробех живот даровав», – сягала ў паднябессе адухоўленая хвала Усявышняму. Плыў у блакітныя далягляды велічальны звон. Да храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы шчырымі малітоўнікамі была выкладзена каляровая дарожка з жывых кветак. Неўзабаве пад царкоўнымі зводамі зырка запалала лампада з Благадатным агнём, і ўслед за гэтым Святым святлом успыхнулі свечкі прыхаджан.
Падзячны малебен узначаліў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан. Яму саслужылі епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Веніямін і духавенства Іванаўскага благачыння.
У дар Свята-Пакроўскаму храму ўдзельнікі экспедыцыі перадалі спіс цудатворнай Загор’е-Сталавіцкай іконы Пакрова Прасвятой Багародзіцы – апякункі экспедыцыі, і па традыцыі высадзілі Сад Малітвы на тэрыторыі трэцяй гарадской школы.
НА ПАЧАТКУ БЫЛО СЛОВА…
Гэтымі словамі з Евангелля ад Іаана распачаў нядзельную пропаведзь падчас літургіі свяшчэннік Свята-Пакроўскага храма протаіерэй Уладзімір Кавалевіч, падкрэсліваючы тым самым, што Слова мае Боскае паходжанне, Слова Божае і ёсць Святло, якое, пранікнуўшы ў душу, пачынае сваё жыватворнае дзеянне. Святар акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў літургіі на думцы, што дзякуючы хрысціянству нарадзілася беларускае пісьменства, успомніў імёны слынных дзеячаў, якія неслі людзям святло асветы.
Пра карысць вучэння кніжнага, неабходнасць зберагаць у сэрцах дар Божы – любоў, каб мацнела наша Царква, беларуская зямля заставалася чыстай, добрай, нагадалі Уладыка Стэфан і праасвяшчэннейшы Веніямін.
«КОЖНЫ З НАС – ПІСЬМЕННІК»
Сутнасць місіі экспедыцыйнага руху заключаецца ў аб’яднанні дзвюх значных па-дзей: прынясенні на нашу зямлю Благадатнага агню ад Гроба Гасподняга, сыходжанне якога адбываецца ў Ерусаліме заўсёды напярэдадні праваслаўнага Вялікадня, у Вялікую Суботу, і адданні даніны павагі беларускай кнізе.
Важнай часткай праграмы экспедыцыі сталі духоўна-асветніцкія сустрэчы яе ўдзельнікаў з насельніцтвам аграгарадка Адрыжын, вёскі Махро, персаналам і адпачываючымі санаторыя «Алеся», жыхарамі райцэнтра ў нядзельнай школе г. Іванава, Іванаўскай ЦРБ, аграгарадкоў Моталь, Яечкавічы, вёскі Ляскавічы. Ішла зацікаўленая размова пра нашы святыні – веру праваслаўную, навуку кніжную, малую радзіму і агульную нашу любую Айчыну.
Хрэсным ходам сустрэлі дэлегацыю «Дарогі святыняў» прыхаджане ляскавіцкага храма Ражджаства Прасвятой Багародзіцы, пасля чаго быў адслужаны малебен. Вернікі прасілі Усявышняга даравання добрага шляху вандроўнікам, блаславення на пачатак новага навучальнага года ў нядзельнай школе.
Ведучы размову пра свята беларускага пісьменства, настаяцель прыхода храма іерэй Мікалай Балюк выказаў думку, што кожны чалавек – пісьменнік: кожны з нас піша непаўторную кнігу свайго жыцця, у якой яскрава адлюстроўваюцца ўсе нашы справы, учынкі, узлёты і падзенні, імкненне да вучобы і працы, параіў не забываць «запісваць» вуснамі словы любові і даравання.
Выхаванцы нядзельнай школы падрыхтавалі невялічкую канцэртную праграму, чым замілавалі гасцей, бо хіба ж магло быць інакш, калі пра любоў да Айца Нябеснага з чароўнай непасрэднасцю распавядалі дзеці – тыя, каму належыць Царства Нябеснае.
Сардэчная атрымалася размова і з прадстаўнікамі экспедыцыйнага руху. У складзе першай дэлегацыі давялося быць Мікалаю Матрунчыку. Цяпер, праз чвэрць стагод-
дзя, ён накіраваўся ў духоўную экспедыцыю ў другі раз. Госць распавёў пра Брацтва Віленскіх мучанікаў (Антоній, Іаан, Яўстафій), якое ён узначальвае, цёпла гаварыў пра неацэнную каштоўнасць для кожнага чалавека малой радзімы. Балючай стрэмкай у душы гэтага чалавека крывавіць праблема выраджэння маленькіх вёсак, якіх год ад году становіцца ўсё меней.
Важную ролю кнігі – духоўнай ахоўніцы беларускай нацыі, беражлівага стаўлення да роднага слова, якое фарміруе з нас людзей высокаадухоўленых, адукаваных, – закрануў Ігар Шаладонаў, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуразнаўства Нацыянальнай акадэміі навук.
25 гадоў удзельнічае ў пачэснай экспедыцыі Яўген Пясецкі, супрацоўнік газеты «Звязда», член Саюза пісьменнікаў Беларусі. На падзеі рэчаіснасці ён глядзіць праз аб’ектыў фотакамеры. На працягу ўсіх пяці дзён падарожжа адлюстроўваў усё, што адбываецца на маршруце. Такія вандроўкі даюць новы імпульс для творчасці. «Мая мара, – даверліва вядзе гутарку з субяседнікамі журналіст, – каб уся Беларусь раднілася праз духоўную еднасць, жыла адзінай сям’ёй».
Па закліку душы прыняла ўдзел у экспедыцыйным руху Клаўдзія Лукінічна Лабчэўская. «Напрасілася ў паездку, – як на духу прызнаецца сямідзесяцігадовая жанчына, – калі даведалася, што сталіцай свята будзе Іванава. Справа ў тым, што я нарадзілася ў гэтым горадзе і пражыла ў ім першыя гады жыцця. Та-а-ак захацелася прыехаць сюды! – эмацыянальна, расчулена апавядае Клаўдзія Лукінічна. – У вас та-а-ак спяваюць – усім храмам! Я ўсхвалявана да слёз. Жадаю вам ад усяго сэрца піць шчасце з кубка бяздоннага! Хай ваш век найдоўшым будзе».
СІЛА ВЕРЫ
Несумненна, жыхарам Іванаўшчыны на карысць пайшлі зносіны з гасцямі. Ад гэтых стасункаў яны атрымалі духоўнае падсілкаванне, радасць сумеснай малітвы і асалоду ад вытанчанага мастацкага слова.
Але, як аказалася, пачэсным гасцям было чаму павучыцца і ў нас, у чым яны прызнаваліся неаднаразова і шчыра. Асабліва ўразіла іх сіла веры насельнікаў палескага куточка, іх жывое імкненне да духоўнасці. «Багалюбнае месца, набожныя людзі. Гэта працінае сэрца. Вы нас вельмі ўсцешылі. Мы духоўна ўмацаваліся, дзякуючы таму, што пабачылі ў вас», –
адзначалі яны.
Вось так прыемна і хораша ядналіся мы, дагэтуль незнаёмыя людзі, дабратворнай сілаю веры, сілаю прыветнага слова. Святло зямное і нябеснае крылаціла душу. Каб жа як найдолей яно заставалася ў сэрцы, азарала клапатлівыя будні і радасныя святы, каб гэтым святлом людзі чалавечыліся.